Гродна. Гродненская вобласць
Казка аб зачараванай русалцы, або Адкуль пайшла назва «Гродна»
Кажуць, што назва старажытнага города Гродна пайшла ад ракі Гараднічанкі. Але чаму так звалася рака?
Аднойчы ў Купальскую ноч на беразе ракі спаткалі русалкі маладога яцвяга Рустыя. Ён паляваў ды прыглядаў месца для жылля, каб прывесці туды родзічаў. А ў русалак сваё было ў галаве. Закруцілі яны яго ў карагодзе, заказыталі... І зацягнулі б русалкі Рустыя ў глыбокую яму, але выйшла з вады галоўная русалка і спыніла страшны карагод.
Клікалі яе Гараднічанка. Трапіла яна ў празрысты падводны палац не па сваёй волі, а з-за Перуна, бога грому і маланак. Закахаўся той без памяці у дачку паляўнічага. Што ні дзень прылятаў да яе жылля. Маланкамі дубы падпальваў, громам ўсё жывое ў лесе пужаў – так ён дабіваўся дзяўчыны. Не ўхіліцца б Гарднічанцы ад рук Перуна, ды жонка яго Грамаўніца пра ўсё дазналася. І дамовілася яна з царом вады Стрыбогам. Выкраў той Гараднічанку, зачараваў, ператварыў дзяўчыну ў русалку.
Калі русалкі манілі Рустыя ў яму, спадабаўся хлопец Гараднічанцы. І ў таго сэрца адкрылася для яе. Але не быць ім разам. Моцна зачараваў дзяўчыну цар вады. На векі вечныя заставацца ёй русалкай. Толькі Стрыбог і можа зняць чары, але ён і чуць пра гэта не хоча.
Даручэнне Стрыбога
- Люба ты мне, - казаў русалцы Рустый. - Не пакіну я цябе ў бядзе. Знайду бессмяротную траву - піжму, дзевяцібратам яе яшчэ клічуць. Сілу вялікую яна мае. Рэчку тваю ў іншы бок павярну і да падводнага палаца Стрыбога дайду і адолею яго.
- Ведаю, у каго можа быць такая трава, - адказала дзяўчына.
Павяла яна хлопца да лясной паляны. Там на пяньку сядзеў Купальскі дзядок і трымаў на каленях кошык. Скрозь пруты былі бачныя агеньчыкі купальскіх кветак. Ні пра што не спытаў Купальскі дзядок, а толькі працягнуў ім папараць-кветку і растварыўся ў лясным паветры. Вырашылі Рустый і Гараднічанка, што калі кветка адкрывае зачараваныя скарбы, то яна дапаможа хлопцу адчыніць і ўсе дзверы ў палацы Стрыбога. Так і атрымалася. Расступілася вада перад Рустыем, адчыніліся дзверы палаца. - Адпусці дзяўчыну, цар вады, вазьмі мяне замест яе, - сказаў малады яцвяг.
І адказаў на гэта Стрыбог:
- Паслужы мне спачатку. Ідзі туды, дзе Нёман такі вузкі, што ваўкі і мядзведзі яго пераскокваюць. Чарнабог кінуў там камень. Б'ецца аб яго рака і нічога зрабіць не можа. Пазбаў раку ад гэтага каменя, дай волю вадзе і тады прыходзь за русалкай.
Ведаў Стрыбог, што аднаму чалавеку ніколі не справіцца з тым каменем, і яцвяг ужо да яго не вернецца. Ляжаў там не проста камень – быў ён вышэй за самыя высокія сосны. Два дні ішоў Рустый вакол каменя, пакуль не абышоў яго. Як зрушыць такую гару?
Стаў Рустый капаць яму пад каменем. Ці доўга капаў, ці не, зараз ніхто не ведае. Але яму выкапаў такую глыбокую, што з дна яе ў ясны дзень зоркі на небе былі бачныя. І паваліўся камень у гэтую яму. Свабодна пабегла нёманская вада. У гэтым месцы рака так і засталася вузкай, але прасторы для яе стала больш.
Вярнуўся Рустый да Стрыбога. Думаў, што той адразу ж і адпусціць Гараднічанку. А цар вады прыдумаў новую справу. Паслаў хлопца ў паўночны ад рэчкі бок да трох дубоў. Загадаў выкапаць пад імі студню:
- Капаць трэба не да першай вады, а да трэцяй, - казаў цар вады. - Першая - мёртвая, другая - ні жывая, ні мёртвая, а толькі трэцяя вада – жывая.
Ведаў Стрыбог, што не дакапацца чалавеку нават да другой вады, таму што першая заб’е яго.
Знайшоў Рустый тры дубы. А па дарозе да іх сарваў галінку бессмяротнай травы дзевяцібрата. Дакапаўся да першай, мёртвай вады. Хлынула яна з калодзежа ўніз па схіле. І ніколі б не ўбачыць маладому яцвягу каханай дзяўчыны Гараднічанкі, калі б не было ў яго чароўнай травы. Мёртвая вада апынулася нямоглай супраць яе. Затое на сваім шляху ўсё забівала, вымыла глыбокі-глыбокі роў, у якім толькі старажытныя камяні засталіся такімі ж, якімі былі раней.
Дакапаўся Рустый і да другой вады. Пацякла яна ляніва. Доўга капаў яцвяг, і, нарэшце, з'явілася жывая вада. Усё павесялела і расквітнела вакол. Пазней, калі сюды прыйшлі людзі, яны назвалі глыбокі і доўгі яр Калодзежным ровам. Цяпер гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Стомлены Рустый зноў стаў перад царом вады. Таму ж ніяк не хацелася аддаваць дзяўчыну, бо ён сам на яе вока паклаў. Выкручваецца і так і гэтак. Тады падняў над галавой Рустый папараць-кветку. Пагразіў, што вось зараз жа адчыніць скарбы цара, і ўся нячыстая сіла расцягне яго дабро да апошняй жамчужыны. Спалохаўся прагны Стрыбог. Вывеў ён русалку на бераг і зняў з яе чары. І стала яна зноў дзяўчынай з русаю касой, цёплымі рукамі і пунсовымі вуснамі.
Першае паселішча
Пасяліліся Рустый і яго жонка на высокім беразе Нёмана. Малая рэчка Гараднічанка цякла тут жа. Гандляры разнеслі па свеце і назву паселішча – Гараднічанка: ці то ад імя першай гаспадыні, ці то ад імя рэчкі.
Праходзілі тут і людзі, ахвотныя да чужога дабра. Тады Рустый разам з іншымі мужчынамі адгарадзілі сваё жыллё высокім плотам з вежамі. Не кожнаму адкрывалі цяжкія вароты. Таму і пачалі гаварыць паўсюль, што тут на варце - дужы гарадзень. З часам так і пачалі называць паселішча, а потым і горад. Засялялі Гарадзень розныя людзі. Зразумела, што ва ўсіх і мовы былі розныя. Таму ў горада розныя імёны - Гарадзень, Гародня, Горад, Гародна. Часам нават чулася - Гардас, Гардзінас, Немагардас.
І ўжо шмат гадоў выбітны горад на Нёмане носіць імя Гродна.
Аўгустоўскі канал
Аўгустоўскі канал – выдатнае гідратэхнічнае збудаванне, адзін з буйнейшых каналаў Еўропы, які ўключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У свеце існуе ўсяго тры такія каналы: Каледонскі ў Вялікабрытаніі, канал Гота ў Швецыі і Аўгустоўскі, размешчаны на тэрыторыі Польшчы і Беларусі.
Водны шлях пачынаецца ад возера Сервы каля польскага Аўгустава і пралягае практычна да беларускага Гродна.
Гісторыя Аўгустоўскага канала
Аўгустоўскі канал – сапраўды ўнікальны аб'ект свайго часу: па складанасці інжынерных рашэнняў, маштабах і, вядома, прыроднай прыгажосці мясцін, дзе ён праходзіць.
Гэты рукатворны водны шлях злучыў басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечыўшы на поўначы – выхад да Балтыйскага мора, а на поўдні – да Чорнага (праз Агінскі канал, Днепр, Бярэзінскую водную сістэму і Дзвіну).
Ідэя стварэння канала з'явілася ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Аднак будаўніцтва пачалося толькі пасля ўвядзення Прусіяй высокіх пошлін на перавозку грузаў у балтыйскія парты.
І ўсё ж яго гісторыя як важнай транспартнай артэрыі для сплаву драўніны і тавараў была нядоўгай.
Аднак, праходзячы па вельмі прыгожых мясцінах, Аўгустоўскі канал стаў турыстычнай меккай. Ўздоўж рэчышча адкрыўся конны маршрут.
У час Першай сусветнай вайны канал значна пацярпеў, у тым ліку з-за абарончых збудаванняў.
Пасля вайны ён зноў прымаў падарожнікаў: тут курсіравалі два колавыя параходы, развіваўся байдарачны турызм, працавалі яхт-клубы, а ў раёне шлюза Дамброўка праходзіла грандыёзнае "Свята мора". Быў выдадзены і першы турыстычны даведнік па Аўгустоўскім канале.
У гады Вялікай Айчыннай вайны гідратэхнічныя збудаванні канала, уздоўж якога былі пабудаваны абарончыя доты, значна пацярпелі, а размеркавальны шлюз Чарток і зусім разбураны.
Аўгустоўскі канал – цудоўнае месца для актыўнага адпачынку, воднага, пешаходнага і велатурызму. Незвычайная прыгажосць прыроды прываблівае сюды тысячы гасцей.
Канал праходзіць па тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Гродзенская пушча". Гэта не толькі адно з самых экалагічна чыстых месцаў Беларусі і кантынента, але і эталон раўніны ў Цэнтральнай Еўропе.
У сэрцы заказніка – Аўгустоўская пушча – адзін з найбуйнейшых лясных масіваў Еўропы, размешчаны на тэрыторыі трох краін (Беларусі, Польшчы і Літвы), які прэтэндуе на статус трансгранічнага біясфернага рэзервата ЮНЕСКА.
Беларускае народнае паданне
"Пра возера Свіцязь"
Калісьці ўладаром возера быў мірскі князь. I вось ён задумаў даведацца, ці праўда, што на дне возера стаіць затоплены горад Свіцязь, як гэта гавораць у народзе.Рыхтаваўся ён тры тыдні. Пабудаваў вялікі карабель, сплёў невад, паклікаў ксяндза. I вось, калі закінулі невад і пачалі выцягваць яго, то быў ён лёгкі. Рашылі, што нічога няма. Але, калі выцягнулі апошняе крыло, убачылі ў невадзе цудоўную дзяўчыну з белым тварам, доўгімі распушчанымі валасамі. Адны ад здзіву анямелі, другія кінуліся ўцякаць. Тады дзяўчына загаварыла голасам, падобным да голасу ручая, які бег у гэтае возера:— Вы задумалі дзёрзкую справу, парушылі спакой возера. Але я раскажу вам пра яго. На тым месцы, дзе сёння возера, стаяў некалі горад. Князь, які валодаў, быў у хаўрусе з навагрудскім князем Міндоўгам. Аднойчы напаў на Навагрудак з магутным войскам суседні цар. Князь разам са сваёй дружынаю паехаў на дапамогу Міндоўгу. У горадзе засталіся старыя, жанчыны, дзеці і сярод іх прыгожая князева дачка. Магутнае войска Міндоўга і княжацкае войска разбілі, і ворагі падышлі да горада Свіцязя. Тады перад князёўнай з'явіўся аднекуль стары і сказаў, што ператворыць горад у возера, а людзей у кветкі. Горад сапраўды адразу пачаў знікаць, а на месцы яго разлілося возера, па якім плавалі цудоўныя кветкі-цары.
Расказаўшы гэта, дзяўчына знікла. Больш яе ніхто ніколі не бачыў. Як успамін пра гэта кожную вясну цвітуць на возеры кветкі-цары.